Гэтая старонка прысьвечаная таму, каб даць уяўленьне пра мову эспэранта і дапамагчы тым, хто пачынае вывучаць гэтую мову. Вялікая частка інфармацыі тут - скарочаны пераклад з англамоўнай старонкі http://www.esperanto.net/veb/faq.html.
1. Што такое эспэранта?
2. Як лёгка вывучыць эспэранта?
3. Адкуль паходзіць слоўнік эспэранта?
4. А што наконт граматыкі?
5. Колькі чалавек гаворыць на эспэранта?
6. Дзе можна знайсьці падручнікі, слоўнікі і г.д.?
7. Што такое PAG, PIV, PMEG, PV, TEJO і UEA?
8. Як друкаваць і адлюстроўваць эспэранцкія літары на кампутары?
9. А як перадаваць эспэранцкі тэкст па электроннай пошце?
Эспэранта — гэта міжнародная мова, прызначаная, каб спрыяць кантактам паміж людзьмі розных краінаў і культураў. Гэтую мову стварыў доктар Л. Замэнгоф зь Беластока, які ў 1887 г. выдаў кнігу "Mіжнapoднaя мoвa. Пpaдмoвa і пoўны пaдpучнік. Для pуcкіх" пад псэўданімам "Dr. Esperanto" (г. зн., "які спадзяецца"). Пазьней слова "эспэранта" стала назвай мовы. Вучыць эспэранта значна лягчэй, чым нацыянальыня мовы, бо яна прасьцейшая й рэгулярнейшая. Таксама, у адрозьненьне ад нацыянальных моваў эспэранта дае магчымасьць мець дачыненьні на раўнапраўнай аснове, бо эспэранта ні для каго не зьяўляецца роднай мовай, і, адпаведна, ніхто з суразмоўцаў ня мае перавагі.
Мэта эспэранта — не замяніць нацыянальныя мовы, а дапоўніць іх. Эспэранта можна выкарыстоўваць, як нэўтральную мову пры размове с тым, хто ня вядае мовы свайго суразмоўцы. Эспэранта таксама можа дапамагчы захаваць "малыя" мовы, якія такім чынам атрымліваюць лепшы шанец выжыць у сьвеце, у якім дамінуюць некалькі магутных моваў.
Каб вывучыць эспэранта, патрэбна столькі месяцаў, сколькі гадоў патрэбна для вывучэньня якой-небудзь нацыянальнай мовы. Можна сказаць, што для беларускамоўнай асобы вучыць эспэранта ўдвая лягчэй за ангельскую, у пяць разоў за нямецкую, у дзесяць разоў за арабскую і бясконца лягчэй за японскую.
Веданьне эспэранта можа значна палегчыць вывучэньне іншых замежных моваў, і існуюць сьведчаньні, што насамрэч эфэктыўней спачатку вывучыць эспэранта, а затым іншыя мовы, чым вучыць замежныя мовы непасрэдна. Напрыклад, можна лепей авалодаць францускай мовай, спачатку 6 месяцаў павучыўшы эспэранта, а затым паўтара гады — францускую, чым вучыўшы францускую два гады. Магчыма, прычына — рэгулярная граматыка і словаўтварэньне ў эспэранта і гнуткі сінтаксіс, якія дазваляюць лягчэй зразумець граматыку і правілы іншых моваў.
Прыблізна 75% словаў эспэранта паходзяць з лацінскай і раманскіх моваў (асабліва з францускай), каля 20% — з гэрманскіх моваў (нямецкай і ангельскай) і астатнія — са славянскіх (расейскай і польскай) і грэцкай (пераважна навуковыя тэрміны). Словы з раманскіх моваў былі выбраныя, як пазнавальныя ўва ўсім сьвеце. Напрыклад, слова "radio", хаця раманскага паходжаньня, зараз ужываецца ў многіх іншых мовах. Такім чынам, той, хто гаворыць толькі па-беларуску, зразумее, магчыма, да 40% словаў, нават не вучыўшы эспэранта.
Эспэранта — фанэтычная мова: кожнае слова вымаўляецца дакладна так, як пішацца. Няма "нямых" літараў або выключэньняў.
Менавіта граматыка эспэранта, нават у большай ступені за слоўнік, робіць гэтую мову выключна лёгкай. Адкінутыя непатрэбныя ўскладненьні: няма катэгорыі роду, парадак словаў свабодны (як у беларускай) і г.д. Правілы таксама як мага спрошчаныя: ёсьць толькі адно спражэньне дзеяслова, адзіны спосаб утварэньня множнага ліку, да любога слова можна дадаць прыстаўку, каб зьмяніць значэньне на супрацьлеглае (добры/дрэнны, багаты/бедны, правільны/няправільны) і г.д. Дастаткова прыблізна 30 хвілінаў, каб навучыцца спрагаць які заўгодна дзеяслоў у якім заўгодна часе. Гэта — велізарнае спрашчэньне ў параўнаньні з нацыянальнымі мовамі. Гнуткі парадак словаў дазваляе носьбітам моваў розных моўных сем'яў ужываць звыклыя структуры і ў той жа час гаварыць на эспэранта цалкам зразумела і граматычна правільна. Гэта робіць эспэранта выдатным сродкам перакладу з такіх розных моваў як кітайская, японская, лацінская, француская або беларуская.
Гэта вельмі частае пытаньне, адказу на якое ніхто сапраўды ня ведае. Часам гэты лік падаюць або занадта вялікім, або занадта малым (ад 100.000 да 15.000.000). Адзіным дакладным шляхам вызначыць гэты лік быў бы сусьветны перапіс, чаго ніхто пакуль не зрабіў і, мусіць, ніколі ня зробіць. Аднак прафэсар Сідні С. Калбэрт з Унівэрсітэта Вашынгтона, Сіэтл, ЗША, зрабіў вельмі грунтоўнае дасьледваньне наконт ужываньня моваў, паводле якога на эспэранта гавораць прыблізна 2.000.000 чалавек. Магчыма, для 500-1000 чалавек (гэта, галоўным чынам, дзеці міжнацыянальных шлюбаў) зьяўляецца першай, роднай мовай.
На жаль, рэгулярнага выкладаньня эспэранта ў Беларусі, здаецца, няма, толькі зрэдку арганізуюцца курсы.
На беларускай мове існуе адзіны падручнік: А. Паўлюкавец. Мова Эсперанта. Менск: Навука і тэхніка, 1992. Гэты падручнік ёсьць на гэтым сайце www.esperanto.pisem.net/Paulukavec.zip, а таксама: www.geocities.com/DiPeLa/Paulukavec/Paulukavec.zip, zmila.at.tut.by/Paulukavec.zip.
Беларуска-эспэранцкі й эспэранцка-беларускі слоўнікі для Windows-праграмы Lingvo ёсьць на гэтым сайце. У фармаце XML — на zmila.at.tut.by.
Падручнікі і слоўнікі на расейскай мове:
Б. Г. Колкер. Учебник языка эсперанто. Основной курс. М.: Наука, 1992.
Новае выданьне — Б. Г. Колкер. Международный язык эсперанто. Полный учебник. М.: Импэто, 2007.
Можна набыць у Маскоўскім эспэранта-цэнтры:
http://esperanto.eu.ru/c/sh_tovar?tid=84844.
Борис Колкер. Путешествие в Эсперантиду. Повышенный курс языка эсперанто. М.: Прогресс, 1992. Існуе значна перапрацаванае другое выданьне: Boris Kolker. Vojaĝo en Esperanto-lando. Perfektiga kurso de Esperanto kaj Gvidlibro pri la Esperanta kulturo. Rotterdam: UEA, 2000.
М. И. Исаев. Язык эсперанто. М.: Наука, 1981.
А. Королевич. Книга об эсперанто. Киев: Наукова думка, 1989.
Е. А. Бокарев. Эсперанто-русский словарь. М.: Русский язык, 1982 (першае выданьне 1974 г.).
Русско-эсперантский словарь. Под редакцией Е.А. Бокарева. М.: Советская энциклопедия, 1966 (існуюць перавыданьні).
Б. Г. Колкер. Эсперанто-русский словарь. М.: ИМПЭТО, 1993.
Падручнікі, слоўнікі, літаратура і г.д. на расейскай мове ў Інтэрнэце — www.esperanto.mv.ru.
PAG: Plena Analiza Gramatiko, аналіз граматыкі эспэранта. Ён не зьяўляецца афіцыйным, і многія не згаджаюца зь некаторымі ягонымі высновамі, але на сёньня гэта найпаўнейшая праца па эспэранцкай граматыцы.
PIV, PIV-S: Plena Ilustrita Vortaro, вельмі дасканалы эспэранцкі слоўнік, які ўтрымлівае ня толькі афіцыйна прызнаныя словы, але й шматлікія іншыя, якія шырока (і ня так шырока) ужываюцца. Некаторыя зь ягоных арртыкулаў сумніўныя, але гэта найкарысьнейшы даведнік. PIV зараз вельмі дарагі. Ён быў надрукаваны ў 1970 г. з дадаткам у 1987 ("PIV-S" — гэта "PIV з дадаткам"). У 2002 г. надрукаванае новае выданьне, якое можна набыць праз UEA (каталёг выданьняў тут http://www.uea.org/katalogo/).
PMEG: Plena Manlibro Esperanta Gramatiko, аналіз і камэнтар граматыкі эспэранта. Ёсьць у Інтэрнэце: http://www.bertilow.com/pmeg/index.php.
PV: Plena Vortaro, "малодшы брат" PIV-S — ён быў надрукаваны ў 1953 г. і ўтрымлівае менш тэхнічных тэрмінаў і нэалягізмаў.
TEJO: Tutmonda Esperantista Junulara Organizo, Сусьветная арганізацыя маладых эспэрантыстаў. Усе сябры UEA, маладзейшыя за 30 гадоў, аўтаматычна зьяўляюцца сябрамі TEJO. TEJO выдае раз у два месяцы часопіс "Kontakto" і раз у квартал бюлетэнь "TEJO Tutmonde" і фундуе штогадовы міжнародны моладзевы кангрэс (Internacia Junulara Kongreso ці IJK).
UEA: Universala Esperanto-Asocio, Сусьветная асацыяцыя эспэранта. Выдае штомесяц часопіс "Esperanto", а таксама "Jarlibro" (штогоднік), які ўтрымлівае інфармацыю пра нацыянальныя і адмысловыя арганізацыі эспэранта і фундуе штогадовы міжнародны эспэранцкі кангрэс (Universala Kongreso ці UK).
Эспэранцкая абэцэда мае некалькі спэцыфічных эспэранцкіх літараў: Ĉĉ, Ĝĝ, Ĥĥ, Ĵĵ, Ŝŝ і Ŭŭ. Увод і адлюстраваньне гэтых літараў на кампутары могуць ствараць пэўныя цяжкасьці. Вельмі грунтоўная інфармацыя на гэтую тэму знаходзіцца на вышэйзгаданай англамоўнай старонцы www.esperanto.net/veb/faq.html. Паколькі я не зьяўляюся адмыслоўцам, перакладаць гэтую інфармацыю не наважыўся. Ад сябе магу толькі сказаць, што калі ўсталяваны Microsoft Office 97/2000/XP (або іншы пакет, які падтрымлівае стандарт "унікод") пад Microsoft Windows 95/98/ME/NT4.0/2000, праблемаў з адлюстраваньнем эспэранцкіх тэкстаў няма (мусіць, праблемаў ня будзе й для Microsoft Windows XP). Для ўводу эспэранцкіх літараў вельмі добрая праграма Ek! — гл. разьдзел "Programaro" на www.esperanto.mv.ru. Існуе таксама праграма Supersigno, але я ня раіў бы ўстанаўліваць яе — у мяне яна толькі "падвесіла" кампутар, ды й дэінсталяцыя прайшла з праблемамі. Для рэдагаваньня "чыстага" тэксту (ня толькі на эспэранта, але й фактычна на якой заўгодна мове), канвэртацыі ў розныя кадыроўкі, а таксама для рэдагаваньня HTML-файлаў раю праграму UniRed, яе таксама можна знайсьці ў разьдзеле "Programaro" на www.esperanto.mv.ru.
Паколькі эспэранцкія літары з "капялюшыкамі" ня ўключаныя ў 7-бітавы стандарт ASCII, на якім заснаваная электронная пошта, іх даводзіцца замяняць спалучэньнямі "стандартных" знакаў. Вось якія мэтады ўжываюцца:
| Мэтад замены: | ĉ | ĝ | ĥ | ĵ | ŝ | ŭ |
| h-мэтад | ch | gh | hh | jh | sh | u |
| x-мэтад | cx | gx | hx | jx | sx | ux |
| Іншыя: | ||||||
| ^c~u | ^c | ^g | ^h | ^j | ^s | ~u або ^u |
| c^u~ | c^ | g^ | h^ | j^ | s^ | u~ або u^ |
| c`u` | c` | g` | h` | j` | s` | u` |
| c'u' | c' | g' | h' | j' | s' | u' |
Найчасьцей ужываныя — h і x-мэтад (астатнія цяжэй чытаць). H-мэтад — кананічны, пачынаючы з "Fundamento de Esperanto", які складае падмурак мовы. X-мэтад узьнік адносна нядаўна і спачатку выкарыстоўваўся толькі аматарамі кампутараў у Інтэрнэце й электроннай пошце. Кожны з мэтадаў мае сваіх прыхільнікаў і супраціўнікаў, але ніводны зь іх, аднак, не дае нейкіх перавагаў. Можна сказаць толькі, што h-мэтад можа ствараць пэўную неадназначнасьць (ці літара h ужытая як сурагат, або самастойна?), але, галоўным чынам, для пачаткоўцаў.